
Поўны відэарэпартаж даступны па спасылцы – Вынікі тыдня Прэзідэнта .
Прэзідэнт на тыдні заслухаў шэраг дакладаў. Аб наступствах непагадзі і іх ліквідацыі кіраўніка дзяржавы праінфармаваў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч далажыў аб ходзе праверкі баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей унутраных войскаў МУС. Са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачэнкам гаварылі аб выніках уборачнай работы з кадрамі і маючым адбыцца семінары ў Шклоўскім раёне.
Кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам старшыню Палаты прадстаўнікоў Ігара Сяргеенку ў сувязі з маючым адбыцца стартам 15 верасня чарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка даручыў удзяліць бюджэтна-падатковаму пакету на 2027 год, а таксама нагадаў аб важнасці актыўнай работы дэпутатаў з грамадзянамі ў сваіх выбарчых акругах.
Рэалізацыя сумесных праектаў з буйным расійскім бізнесам стала тэмай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком кампаній “Интеррос” і “Нарнікеля” Уладзімірам Патаніным. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва, і выказаў упэўненасць, што па многіх напрамках ёсць узаемная цікавасць.
Інфармацыйна насычанай была другая палова тыдня. Нарада па пытаннях ліцэнзавання адбылася ў Мінску. Заадно кіраўнік дзяржавы даручыў дадаткова вывучыць работу і рэкламу ігральнага бізнесу. Потым — наведванне палігона Абуз-Лясноўскі ў Баранавіцкім раёне, дзе ў цэнтры ўвагі было развіццё сістэмы сувязі ў войсках.
Шмат рэзанансных заяў прагучала і ў зносінах Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі. Кіраўнік дзяржавы расказаў аб парадку дня ў кантактах з ЗША і пастаўцы туды партыі калійных угнаенняў , умовах для сустрэчы з Дональдам Трампам; пракаментаваў палітыку краін Балтыі, якія “страляюць сабе ўжо нават не ў нагу” ; аб падрабязнасцях размовы з расійскім бізнесменам Уладзімірам Патаніным і сваёй пазіцыі наконт перадачы актываў прыватнаму сектару і прыватызацыі . А яшчэ — аб абноўленай Дырэктыве №1 і дысцыпліне, выніках маштабнага сацдаследавання .
Выказаўся Прэзідэнт і па асабістых момантах. У прыватнасці, развеяў чуткі наконт яго асабістых камерцыйных інтарэсаў або членаў яго сям’і. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніколі не краў і цяпер не збіраецца гэтага рабіць , а ўсе ў яго сям’і займаюцца канкрэтнымі справамі. Напрыклад, малодшы сын Мікалай зараз служыць у войску.
Прэзідэнт на тыдні падпісаў дакументы, якія датычацца работы фондаў і дабрачыннай дзейнасці ў ахове здароўя; унясення навацый у Дырэктыву нумар 1 аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны, стварэння Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій ; узнагароджання грандаў беларускай мікраэлектронікі і работнікаў розных сфер.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў супрацоўнікаў і ветэранаў органаў папярэдняга следства з 15-годдзем утварэння Следчага камітэта.
Яшчэ адну круглую дату – 30-годдзе з дня заснавання прадпрыемства – на тыдні адзначылі на ААТ “Беларускі цэментны завод”, з чым Прэзідэнт павіншаваў работнікаў і ветэранаў.
З Днём танкіста Аляксандр Лукашэнка павіншаваў ваеннаслужачых механізаваных злучэнняў, танкавых воінскіх часцей і падраздзяленняў Узброеных Сіл і танкарамонтных прадпрыемстваў.
Кіраўнік дзяржавы накіраваў прывітанне ўдзельнікам, арганізатарам і гасцям XXX Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа” , адзначыўшы, што форум стаў значнай падзеяй культурнага жыцця Беларусі.
Віншаванні за мяжу з розных нагодаў былі накіраваныя ў Бразілію , Таджыкістан , КНДР .
ПРАЦУЮЦЬ нядрэнна. Які пакет дакументаў дэпутатам трэба ўважліва разгледзець
Аляксандр Лукашэнка 7 верасня прыняў з дакладам старшыню Палаты прадстаўнікоў Ігара Сяргеенку. Чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў стартуе 15 верасня. У сувязі з гэтым Прэзідэнт спытаў аб гатоўнасці дэпутацкага корпуса да гэтай работы, аб законапраектах, якія трэба будзе разгледзець.

Як далажыў Ігар Сяргеенка, у папярэдні перыяд работы дэпутатамі цяперашняга склікання напрацаваны добры вопыт заканатворчай дзейнасці, у сферы міжнародных кантактаў, а таксама работы ў выбарчых акругах. “У сваёй рабоце мы зыходзілі з патрабавання кіраўніка дзяржавы – законы павінны ісці ад жыцця, ад тых праблем, якія сёння хвалююць канкрэтныя працоўныя калектывы, вытворцаў, наша насельніцтва”, – адзначыў ён у гутарцы з журналістамі па выніках даклада.
Блок законапраектаў, якія плануецца разгледзець у бліжэйшы час, датычыцца крэдытна-фінансавай сферы, сельскагаспадарчай, пытанняў прамысловай бяспекі. Безумоўна, важным будзе разгляд бюджэтна-падатковага пакета на 2027 год. Кіраўнік дзяржавы зрабіў асаблівы акцэнт на неабходнасці ўважлівага крытычнага разгляду дэпутатамі гэтых законапраектаў.

Прэзідэнт таксама папрасіў звярнуць асаблівую ўвагу на работу дэпутатаў у выбарчых акругах, бо народныя выбраннікі з’яўляюцца своеасаблівым барометрам настрояў грамадства.
Яшчэ адной важнай тэмай стала сітуацыя ў Віцебскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Ігара Сяргеенкі, які з’яўляецца ўпаўнаважаным Прэзідэнта ў гэтым рэгіёне, як ідуць справы, якія ўражанні складаюцца па рабоце вобласці. Даложана, што ў рэгіёне ідзе планавая работа, рэалізуецца шэраг новых інвестыцыйных праектаў. Што датычыцца сферы сельскай гаспадаркі, аграрыі ў арганізацыйным плане былі забяспечаны ўсім неабходным, уключаючы сучасную тэхніку, паліва, угнаенні. Вынікі ўборачнай кампаніі ў цэлым складаюцца на ўзроўні мінулага года. Пры гэтым у ходзе наведвання раёнаў вобласці адзначаліся як станоўчыя факты, так і элементы адкрытай расхлябанасці.

«Вы шмат займаецеся з Наталляй Іванаўнай Качанавай (старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. – Заўвага БЕЛТА) Віцебскай вобласцю. Я інфармаваны, што ў вас калгас ёсць, адказныя вы за гэта і яна таксама. Гэта вельмі правільна», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ігар Сяргеенка асабіста курыруе працу ААТ “Княж” Шаркаўшчынскага раёна. «Я і мае калегі актыўна ўключыліся ў гэтую працу. Не толькі бываючы там, але і аказваючы канкрэтную дапамогу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, адраджэнню зямель, навядзенні элементарнага парадку на землях. Спадзяюся, што на працягу двух гадоў мы прынцыпова памяняем сітуацыю. Калектыў працуе, сёе-тое ўжо атрымліваецца, у перспектыве можна дабіцца лепшых вынікаў», – распавёў ён журналістам.
Напярэдадні сустрэчы ў Прэзідэнта БелАЗ і “Нарнікеля” падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з мэтай аб’яднаць намаганні па развіццю навуковага і тэхналагічнага патэнцыялу для стварэння горнай тэхнікі новага пакалення, укаранення беспілотных тэхналогій для горнай здабычы і іншых інавацый. Прадугледжваецца стварэнне сумеснага прадпрыемства для рэалізацыі гэтых планаў, а таксама прадпрыемствы з поўнапрофільнай рамонтнай базай з мэтай развіцця вытворчасці, рамонту і абслугоўвання падземнай горнай тэхнікі.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, спектр магчымых напрамкаў для развіцця супрацоўніцтва вельмі шырокі: “Кар’ерныя самазвалы. Дзіўна для мяне, аказалася, і шыны цікавяць – нашай «Белшыны» вытворчасць. І агульныя праекты па абслугоўванні і стварэнні новай тэхнікі ў Краснаярскім краі – гэта таксама цікавы для нас, перспектыўны праект. Вы шматгалінавік у сваёй структуры – там ёсць і гуманітарны напрамак, і IT-сфера. Нешта мы ўмеем рабіць у Беларусі. Вы таксама цудоўна ведаеце, што мы можам рабіць».
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што Уладзімір Патанін мае і беларускія карані: «Мы ж землякі па сваіх каранях. Дзядуля ў вас з Магілёўшчыны».

“Я на чвэрць беларус. Так, ён такі сапраўдны селянін быў. Карані ёсць», – пацвердзіў Уладзімір Патанін.
“Усё да таго, каб вы звярнулі ўвагу на Беларусь і мы больш цесна з вамі ў гэтым плане супрацоўнічалі”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Уладзімір Патанін у сваю чаргу адзначыў, што доўга абдумваў перад прыездам у Беларусь, якія сферы ўяўляюць узаемную цікавасць для супрацоўніцтва. «Паверце, мы сур’ёзна разглядалі ўсе магчымасці. І я вельмі рады, што падчас паездкі ўдаецца агульныя планы ператварыць ужо ў канкрэтныя праекты», – сказаў ён.

У гутарцы з журналістамі па выніках сустрэчы расейскі бізнэсмэн таксама звярнуў увагу на грунтоўны, удумлівы падыход у рэалізацыі тых ці іншых сумесных праектаў: «Я даўно не быў у Беларусі. Па запрашэнні Аляксандра Рыгоравіча прыехаў. Усё, што мы тут будзем рабіць, трэба асэнсаваць. Мы не плануем дзейнічаць залішне хутка і шапказакідальніцку. Мы павінны ўглыбіцца ў абстаноўку, у сітуацыю і зразумець, які рэальны вынік мы маглі б даць для беларускай эканомікі, не забываючыся пра сваю, расійскую».
ПРАВІЛЫ ГУЛЬНІ. Як Лукашэнка ацаніў прапанаваныя ўрадам навацыі ў ліцэнзаванні
Прэзідэнт 10 верасня сабраў нараду па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці. На разгляд быў вынесены падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі праект закона “Аб змене законаў па пытаннях ліцэнзавання”.
Аляксандр Лукашэнка выказаў шэраг крытычных заўваг, а па выніках праведзенай дыскусіі даручыў дапрацаваць прапанаваныя падыходы, усебакова абмеркаваць іх з грамадскасцю і профільнымі спецыялістамі. Надаць сур’ёзную ўвагу законапраекту ён папрасіў дэпутатаў: «Пісьменныя людзі. Разам з зацікаўленымі людзьмі сесці і прапрацаваць гэты законапраект. І не проста “змяненні і дапаўненні”, а ў цэлым паглядзець на гэты закон”.




Прэзідэнт прапанаваў пры дапрацоўцы законапраекта на будучыню падумаць над тым, як пазбегнуць дадатковых непатрэбных фармальнасцей. «Трэба больш шырокае тлумачэнне закона, каб пастаянна яго не ўносіць (на разгляд для ўнясення чарговых змяненняў і дапаўненняў. – Заўвага БЕЛТА). Калі мы да гэтага гатовы, падумайце. Гэта пытанне для парламента і вас (міністра эканомікі. – Заўвага БЕЛТА) як ініцыятара. Тэарэтычна важнае пытанне, якое перацякае ў практыку», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца самога ліцэнзавання, кіраўнік дзяржавы расставіў прынцыповыя акцэнты. Ён адзначыў, што, уводзячы ліцэнзіі ў той ці іншай сферы, дзяржава задае правілы гульні. Пры гэтым любыя абмежаванні павінны быць накіраваны на карысць, а не на шкоду. Задача – абараніць жыццё і здароўе людзей, забяспечыць бяспеку дзяржавы.
«Ліцэнзаванне – ні ў якім разе не самамэта. Зарэгуляваць можна любы від дзейнасці. Але залішнія бар’еры, недастаткова ўзважаныя рашэнні, нават недапрацаваныя фармулёўкі могуць вельмі неспрыяльна адбіцца як на людзях, так і на эканоміцы, – заўважыў Прэзідэнт. – Важна не дапускаць новаўвядзенняў ва ўгоду ведамасным інтарэсам, якія могуць выклікаць справядлівы негатыўны водгук у грамадстве. Гэта таксама трэба ўлічваць. Але ня гэта галоўнае. Калі трэба, значыць, трэба. Трэба разумець, як гэта будзе працаваць на практыцы. І не толькі ў Мінску, але і ў аддаленай вёсачцы. Закон ёсць закон».



Акрамя таго, заканадаўства мусіць быць максімальна стабільным. Таму Аляксандр Лукашэнка патрабуе не падмяняць вырашэнне праблем устанаўленнем адміністрацыйных бар’ераў і больш увагі ўдзяляць вынікам публічнага абмеркавання законапраектаў. «Прадстаўляць трэба Прэзідэнту тыя ці іншыя праекты, якія ў поўным аб’ёме выносіліся на суд грамадскасці. Гэта таксама важна – мець пэўную выснову, як людзі ўспрымаюць тыя ці іншыя праекты, перш чым яны стануць законамі», – сказаў ён.



НА СУВЯЗІ. Пра што ў беларускім войску і марыць не маглі яшчэ пяць гадоў таму
Аляксандр Лукашэнка 11 верасня наведаў агульнавайсковы палігон Абуз-Лясноўскі ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, дзе азнаёміўся з развіццём і практычным выкарыстаннем у войсках сістэм сувязі.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб назначэнні, складзе, баявых магчымасцях, перспектывах і напрамках развіцця войскаў сувязі Беларусі з улікам вопыту сучасных узброеных канфліктаў, а таксама аб стане сістэмы кіравання Узброеных Сіл і ходзе аператыўна-спецыяльнага вучэння войскаў сувязі.

Міністр абароны Віктар Хрэнін праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку, што за апошні час сістэма кіравання войскамі поўнасцю зменена. Прычым размова ідзе не проста аб кіраванні арміяй, але і ўсёй ваеннай арганізацыяй дзяржавы, сілавымі структурамі. Надзейнай сувяззю будзе ахоплены і грамадзянскі сектар. «Устойлівасць, утоенасць, надзейнасць сістэма сувязі забяспечыць. Тое, што ў нас ёсць, – пяць гадоў таму мы не маглі марыць пра гэта », – падкрэсліў міністр.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сучаснымі сродкамі і комплексамі сувязі, у тым ліку перспектыўнымі, якія распрацоўваюць і вырабляюць прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама. Гэта было даручэнне Прэзідэнта – вырабляць сваё і, як мінімум, не горш за замежныя аналагі. Цяпер гэтымі сродкамі сувязі трэба ў дастатковым аб’ёме абсталяваць не толькі войска, але і ўсіх вайскоўцаў у краіне. «Нам трэба напружвацца, каб у гэтым і ў наступным годзе абсталяваць вайскоўцаў самымі сучаснымі відамі сувязі. Мы іх навучыліся рабіць. Гэта галоўны вынік», – падкрэсліў Прэзідэнт.









Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў камандна-назіральны пункт, дзе яму прадэманстравалі, як вайскоўцы выкарыстоўваюць сродкі сувязі на практыцы.




Асноўнае патрабаванне Прэзідэнта – каб усе адзнакі былі сумленнымі і аб’ектыўнымі, а любыя вучэнні і праверкі боегатоўнасці праводзіліся не дзеля паказухі, а для выяўлення недахопаў і занясенні неабходных карэктыў у падрыхтоўку ці тэхнічнае абсталяванне. «Паказуха – гэта хлусня. Гэта значыць мы (калі будзем грунтавацца на паказусе. — Заўвага БЕЛТА) загубім людзей у баявым становішчы. Як ёсць, так ёсць. Усё павінна быць, як у баі. Так трэба рыхтаваць нашыя войскі. Гэта ўрокі спецыяльнай ваеннай аперацыі», – сказаў ён у гутарцы з журналістамі.
На нарадзе з ваеннымі кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць наяўнасці ў войсках сучасных сродкаў сувязі. “Сёння аператыўны абмен данымі, абароненасць каналаў і скорасць прыняцця рашэнняў непасрэдна вызначаюць стратэгічную перавагу на полі бою, гарантуюць дакладнасць выканання баявых задач і бяспеку ўсяго асабовага складу”, – заявіў Прэзідэнт. – Адставанне ў дадзеным пытанні падобна смерці. Ніякай вайны – абароны, наступы – не можа быць без надзейнай сувязі і кіравання войскамі».




Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб абстаноўцы ў свеце і вакол Беларусі, суседзі якой трацяць мільярды долараў на ўзбраенне сваёй арміі. «Нахабна. Не толькі вучэнні ля мяжы, але і стварэнне новых часцей, армій, якія разгортваюцца на граніцы Беларусі. Што гэта такое? Для нас, вайскоўцаў, усё вельмі нават зразумела. Таму нам трэба, як я казаў некалі адкрыта і сумленна, рыхтавацца да вайны, каб яе пазбегнуць. Мы павінны быць гатовы заўсёды да адэкватнай рэакцыі, калі раптам нешта здарыцца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што Беларусь, умацоўваючы сваё войска, ВПК, праводзячы вучэнні, мае выключна прагматычныя мэты — забяспечыць уласную абарону: « Мы не збіраемся ні на каго нападаць . Але абараніць сантыметр, міліметр сваёй зямлі, наша насельніцтва, гарантаваць бяспеку мы абавязаны. Гэта наша задача, чаго б нам ні каштавала. Нават калі гэта будзе каштаваць нашаму жыццю. Мы павінны да гэтага рыхтавацца і рыхтуемся. І няхай ні палякі, ні літоўцы, ні латышы, ні тым больш украінцы не думаюць, што мы заўтра на іх будзем нападаць і таму праводзім вучэнні».
Прэзідэнт расказаў журналістам, што праверкі гатоўнасці ў войсках будуць прадоўжаны: «Я ўжо гаварыў па-народнаму: армію трэба ўзварушыць, прыйшоў час. Усё войска. Усіх праверым. Аж да мабілізацыі», – сказаў ён.-0-

