У другой палове дня 25 верасня ў Маскве кіраўнік дзяржавы прыме ўдзел у Глабальным атамным форуме, які праходзіць пад дэвізам “Ад новага тэхналагічнага ўкладу – да новага светапогляду”. Гэта цэнтральная падзея “Сусветнага атамнага тыдня”, якая праводзіцца ўпершыню і прымеркавана да 80-годдзя атамнай прамысловасці Расіі.
У якасці пляцоўкі для правядзення форуму выбрана знакавае месца – музей “АТАМ” на ВДНГ. Тут размешчана буйнейшая і самая сучасная ў Расіі экспазіцыя, якая расказвае пра гісторыю асваення атамнай энергіі ад пачатку савецкага атамнага праекта і да нашых дзён.
Адразу па суседстве на ВДНГ размешчаны павільён “Беларусь”, дзе працуюць гандлёвыя і выставачныя пляцоўкі. Раней Аляксандр Лукашэнка даваў даручэнні па арганізацыі эфектыўнай работы на гэтай пляцоўцы. Таму не выключана, што, карыстаючыся выпадкам, ён азнаёміцца са станам спраў непасрэдна на месцы. “Мне важна, каб гэта было прыбытковае мерапрыемства. Але яшчэ важней, каб там дасягненні краіны былі прадстаўлены. І самыя высокія дасягненні, прадукты харчавання гэта, адзенне, тэхніка ці яшчэ што-небудзь, прадаваліся праз ВДНГ, праз наш павільён. Гэта ў сэрцы вялізнай Расіі. Магазін, можна сказаць”, – сказаў ён на нарадзе ў чэрвені 2009 года.
Мерапрыемствы атамнага форуму наведаюць прадстаўнікі больш як 100 дзяржаў, уключаючы краіны СНД, Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Выстаўка і дзелавая праграма форуму збяруць вядомых атамшчыкаў, вучоных, прадстаўнікоў дзяржорганаў, міжнародных арганізацый, буйных кампаній. Удзел у “Сусветным атамным тыдні” прымаюць таксама беларускія прадпрыемствы і арганізацыі. На калектыўным стэндзе Беларусі на выстаўцы форуму прэзентаваны інавацыйныя праекты ў сферы атамнай энергетыкі, прамысловасці, навукі, адукацыі, ядзернай медыцыны. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае праект па будаўніцтве і ўвядзенні ў эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі.
Чакаюць у Маскве і шэраг высокіх гасцей. Акрамя прэзідэнтаў Расіі і Беларусі, таксама плануецца ўдзел лідара М’янмы, прэм’ер-міністраў Арменіі і Эфіопіі, кіраўніка МАГАТЭ, высокапастаўленых прадстаўнікоў Ірана, Узбекістана, Егіпта, рэспублікі Нігер і шэрага спецыялізаваных арганізацый. Таму вельмі верагодна, што на палях форуму ў Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца шэраг міжнародных кантактаў. Чакаецца і яго выступленне на мерапрыемстве.
У ходзе двухдзённага візіту запланавана двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў звераць гадзіннікі па найбольш актуальных пытаннях развіцця беларуска-расійскіх адносін, абмяркуюць абстаноўку ў рэгіёне і міжнародны парадак дня.