
Сёння дзве сотні маладых людзей, якія працуюць у арганізацыях сістэмы Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сабраліся ў кангрэс-холе Прэзідэнт-Атэля на адукацыйна-патрыятычны маладзёжны форум «БЕЛАРУСЬ НЕПЕРАМОЖНАЯ! СВЯТЛО ПАМЯЦІ!», які арганізаваны сумесна з Беларускім прафесійным саюзам работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў і Міжнародным універсітэтам МІПСА.
Удзельнікаў форуму віталі намеснік Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Антон Краеўскі і старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Ігар Бузоўскі.
У рабоце форуму прынялі ўдзел рэктар установы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Міжнародны універсітэт “МІПСА” Уладзімір Пазнякоў, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, аўтар выставачнага гісторык, калекцыянер, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, член лектарскай групы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Ліхадзедаў, дацэнт установы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Міжнародны універсітэт “МІПСА”, кандыдат гістарычных навук Анатоль Лабанок, беларускі пісьменнік Міхаіл Пазнякоў, медыяэксперт, рэжысёр тэлерадыёкампаніі “МІР” у Беларусі Руслан Туркоў і старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Уладзімір Філімонаў.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Антон Краеўскі падкрэсліў сімвалічнасць таго, што маладзёжны патрыятычны форум праходзіць у дні, калі ўся краіна ўспамінае аб трагічнай даце ў сваёй гісторыі – пачатку Вялікай Айчыннай вайны. «Гэты след у лёсе Беларусі і кожнага яе грамадзяніна назаўжды застанецца ў нашых сэрцах як напамінак пра кошт свету, у якім мы жывем, – сказаў Антон Міхайлавіч. – Нашы продкі здзейснілі бяспрыкладны гераічны подзвіг у кровапралітнай, жорсткай вайне. Коштам мільёнаў жыццяў людзей, спаленых вёсак і разбураных гарадоў яны перамаглі фашызм, заваявалі для нас свабоду і незалежнасць. І наш з вамі святы абавязак заўсёды памятаць пра подзвіг нашых бацькоў і дзядоў, не дазволіць сказіць праўду пра вайну, перапісаць гісторыю і ўкласці ў розумы маладога пакалення скажоную інфармацыю аб падзеях тых гадоў. Важна пра гэта гаварыць, праводзіць такія сустрэчы з моладдзю, як наш сённяшні форум, свядома прыходзіць да памятных мясцін, ускладаць кветкі, даглядаць іх, праводзіць патрыятычныя акцыі і перадаваць гэтыя слаўныя традыцыі далей з пакалення ў пакаленне. Наша сіла – у адзінстве, працавітасці, сапраўдным патрыятызме і агульным жаданні жыць у згодзе і дабры, берагчы спадчыну продкаў і памнажаць яе сваімі слаўнымі справамі і дасягненнямі», – падкрэсліў намеснік Кіраўніка ў звароце да моладзі.

Ігар Бузоўскі ў сваю чаргу таксама акцэнтаваў увагу на тым, што тэма форуму – «БЕЛАРУСЬ НЕПЕРАМОЖНАЯ! СВЯТЛО ПАМЯЦІ! » абрана не выпадкова, памяць – гэта не проста сухія даты ў падручніках гісторыі, гэта тое нябачнае святло, якое не дае нам заблудзіцца, які фармуе наш генетычны код. Ён адзначыў, што Беларусь выстаяла дзякуючы мужнасці сваіх сыноў і дачок. Наша зямля, якая страціла ў той страшнай вайне кожнага трэцяга, стала зыбкай партызанскага руху, сапраўднага подзвігу беларускіх вайскоўцаў у шэрагах Савецкай Арміі, усенароднага супраціву карычневай чуме, знакам нязломнага духу і самаахвярнай любові да Радзімы. «Мы – спадчыннікі непераможнага савецкага народа, за намі стаіць праўда і вялікі подзвіг нашых прадзедаў. Задача маладога пакалення – не проста захаваць гэтае святло, але і несці яго далей, абараняючы гістарычную праўду ад любых спроб яе сказіць», – сказаў прафсаюзны лідэр.

У рамках форуму быў прэзентаваны выставачны праект “Беларусь непераможная. Мінск» Уладзіміра Ліхадзедава, дакументальны фільм Руслана Туркова «Фабзайцы» пра лёсы юных мінчан у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У выступленнях спікераў былі раскрыты такія тэмы як гістарычная праўда пра чалавека на вайне і лёсы беларускіх жанчын у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Прагучалі песні і вершы аб героях вайны.




Мэта форуму – захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне і перадача эстафеты памяці новаму пакаленню беларусаў. Ён закліканы аб’яднаць неабыякавых маладых людзей, каб праз жывыя зносіны і сумесныя праекты выхаваць у іх глыбокі гонар за подзвіг продкаў, захаваць спадчыну і абараняць будучыню нашай непераможнай краіны.