18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны сакратар ЦК Кампартыі В’етнама То Лам у час візіту ў Беларусь падарыў кіраўніку беларускай дзяржавы партрэт беларускага лідэра, выкананы з каштоўных камянёў. Цырымонію абмену падарункамі ўпершыню паказалі ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” , паведамляе БЕЛТА.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падарыў калегу эксклюзіўны набор шакаладу і набор розных беларускіх прадуктаў. «Вы аб шакаладзе казалі. Гэта ўзоры нашай прадукцыі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Трэба адзначыць, што кіраўнік дзяржавы часта дорыць замежным лідэрам наборы беларускіх прадуктаў. І гэта ў тым ліку магчымасць на вышэйшым узроўні ацаніць іх якасць і смак. Можна сказаць, што гэты пачастунак з прыцэлам на будучае супрацоўніцтва.
Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка 12 мая ў Мінску правёў перагаворы з То Ламам, які здзейсніў афіцыйны візіт у Беларусь.
В’етнам называюць “новым азіяцкім эканамічным тыграм”. Краіна ўпэўнена развіваецца, дэманструючы стабільна высокія тэмпы росту ВУП. Насельніцтва перавышае 100 млн. чалавек. Такім чынам, гэта вельмі ёмісты рынак для беларускай прамысловай і харчовай прадукцыі, а таксама магчымасць праз В’етнам працаваць на іншыя краіны рэгіёна.
Аляксандр Лукашэнка назваў То Лама сваім добрым сябрам і адзначыў, што бакі правялі адкрыты і грунтоўны абмен думкамі па шэрагу актуальных пытанняў і падрабязна абмеркавалі перспектывы далейшай работы. Прэзідэнт Беларусі з падзякай прыняў запрашэнне наведаць В’етнам, запэўніўшы, што ўжо ў хуткім часе лідэры краін сустрэнуцца на в’етнамскай зямлі.
Галоўным дакументам, які падпісалі Аляксандр Лукашэнка і То Лам па выніках перагавораў, стала сумесная заява аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі. І гэта не проста прыгожая фраза – у знешнепалітычнай дактрыне В’етнама гэта азначае асаблівы, прасунуты ўзровень адносін. У дадатак да гэтага на ведамасным узроўні падпісаны пакет дакументаў у сферах навучання вайскоўцаў і спецыялістаў, лічбавай трансфармацыі і лічбавай эканомікі, навукі, тэхналогій і інавацый, фармацэўтыкі, СМІ і культуры.
Скрыншоты відэа тэлеканала «Беларусь 1»