Лукашэнка анансаваў значныя праекты па супрацоўніцтве з КНР у сферах культуры і спорту - РУП «Беларускія латарэі»
8-017-329-21-28 Праверка білетаў

Лукашэнка анансаваў значныя праекты па супрацоўніцтве з КНР у сферах культуры і спорту

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка анансаваў значныя праекты па супрацоўніцтве з КНР у сферах культуры і спорту. Адпаведныя заявы ён зрабіў на сустрэчы з сакратаром партыйнага камітэта Пекінскага ўніверсітэта Хаа Пінам і прадстаўнікамі кітайскіх універсітэтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.   

«Мы вельмі шануем гэты візіт яшчэ і таму, што ён праходзіць напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў. Заўсёды ў ваенным парадзе ў нас бралі ўдзел ваенныя прадстаўнікі КНР. Мы вельмі ўдзячныя вам за тое, што вы заўсёды адклікаецеся на нашы просьбы і прымаеце ўдзел у розных культурных мерапрыемствах. Мы ў даўгу не застанемся. Мы рыхтуем вельмі сур’ёзную праграму, з якой нашая моладзь прыедзе ў Кітай і прадставіць не толькі беларускую, але і ўсю славянскую культуру ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Думаю, ужо ў бліжэйшы час мы гэта зробім», – сказаў беларускі лідэр.

Што да спорту, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб імкненні як мага хутчэй рэалізаваць праект, аб якім бакі дамовіліся падчас яго  наведвання Пекінскага ўніверсітэта  ў снежні 2023 года.

«Мы дамаўляліся пабудаваць спартовы цэнтр пры Пекінскім універсітэце з дапамогай Беларусі. Я перакананы, што знайду час для таго, каб яшчэ раз прыехаць да вас і прапанаваць беларускі спорт, у тым ліку і хакей, на больш высокім узроўні. Мы хочам супрацоўнічаць з вамі. Мы хочам, каб кітайцы гулялі ў хакей на ўзроўні сусветных каманд, хаця вы ўжо пачалі гэтым займацца вельмі сур’ёзна, удзельнічаеце ў КХЛ. Мы разам гуляем з вамі ў гэтай лізе», – адзначыў Прэзідэнт.

“Мы хацелі б пакінуць свой больш сур’ёзны след у развіцці і культуры, і спорту ў КНР”, – дадаў Аляксандр Лукашэнка.-0-