29 траўня, Орша / Кар. БЕЛТА /. Дзяржава будзе дапамагаць у будаўніцтве жылля пад развіццё вытворчых магутнасцей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, размаўляючы з работнікамі завода “Легмаш” у Оршы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, улічваючы перспектывы развіцця прадпрыемства і асваенне новых напрамкаў работы, трэба будзе дадаткова набіраць работнікаў. “Вам патрэбны будуць людзі. Мы будзем вам памагаць. Перш за ўсё ў будаўніцтве жылля », – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў плане падтрымкі ў вырашэнні жыллёвага пытання ў краіне вызначаны прыярытэты. Гэта вайскоўцы, якія паводле закону не могуць займацца камерцыяй і фактычна аддаюць сваё жыццё служэнню Радзіме. “Мы ім павінны забяспечыць тыл”, – падкрэсліў Прэзідэнт.
Яшчэ адна катэгорыя – шматдзетныя сем’і, якім дзяржава таксама дапамагае ў прыярытэтным парадку.
Нараўне з гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць важным рабіць акцэнт на жыллёвым будаўніцтве там, дзе развіваюцца і ствараюцца новыя вытворчыя магутнасці. Як, напрыклад, у Воршы. «Калі мы ствараем новую вытворчасць і будуем заводы, то мы мусім пабудаваць там жыллё. Тады людзі прыйдуць. Так было за савецкім часам. Таму мы пасунемся ў гэтым напрамку і будзем падтрымліваць не толькі вас, але ўсе прадпрыемствы, якія будуць будаваць, развівацца», – сказаў ён.
«У Оршы месца для будаўніцтва хапае. Горад найпрыгажэйшы. Такіх гарадоў у свеце няшмат, ды і ў Беларусі. Выдатныя ўмовы для жыцця. Трэба, каб было жытло. У гэтым напрамку мы будзем працаваць», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.